ВАЎКАВЫ́СКА-КАМЯНЕ́ЦКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення на Панямонні; бытаваў у асяроддзі сялян і дробнай шляхты ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў Ваўкавыскім, Пружанскім і Камянецкім р-нах. Гарнітур жаночага летняга адзення складаўся з кашулі, спадніцы, фартуха, гарсэта (неабавязкова), пояса, галаўных убораў і ўпрыгожанняў. Кашуля з глыбокім разрэзам пазухі і высокім стаяча-адкладным каўняром; уздоўж рукавоў і па цэнтры кашулі чырвонымі або чырвона-чорнымі ніткамі вышывалі раслінныя, зааморфныя і геаметрычныя ўзоры. Сакавітасцю бурачковых, малінавых, фіялетава-сініх фарбаў, арнаментальнай узорыстасцю нізу вылучаліся спадніцы-андаракі з вертыкальнымі складкамі. Арнамент яркіх кантрастных паскаў і клетак дапаўняўся рознакаляровымі пальметамі (зоркамі, кветкамі) уздоўж ніжняй дамінуючай паласы шляка. Фартух шылі з адной (радзей дзвюх) полкі белай ільняной тканіны ці паркалю, аздаблялі фальбонамі, вышыўкай процягам або гладдзю. Гарсэт з чорнай шарсцянкі аздаблялі паліхромнай вышыўкай расліннага арнаменту, каляровай аблямоўкай — зрэзы верхняга крыса, проймаў і гарлавіны. Традыцыйныя галаўныя ўборы (наміткі, чапцы, каптуры) з чырвонага ці сіняга паркалю, шарсцянкі або бардовага атласу аздаблялі тасёмкай бліскучага жоўтага галуну і гафрыраваным паскам белага цюлю. Аснову мужчынскага летняга адзення складалі кашуля, нагавіцы, даматканы рознакаляровы пояс. Кашулю з адкладным каўняром сціпла аздаблялі чырвонай вышыўкай на каўняры і падоле. Нагавіцы шылі з суровага палатна або пярэстай паўшарсцянкі. Мужчынскае і жаночае верхняе адзенне складалі світы-сярмягі, кажухі і інш.

М.Ф.Раманюк.

т. 4, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)